У Гродне распачата крымінальная справа супраць Таццяны Кашко. Яе вінавацяць нібыта ў знявазе прадстаўніка ўлады.
Таццяну Кашко вінавацяць у тым, што ў адным з тэлеграм-каналаў яна нібыта абразіла аднаго з міліцыянтаў. Дзяўчына адмовілася ад паслуг дзяржаўнага адваката і не стала даваць паказанні па справе карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам. Да ўсяго, прадстаўнікі следчых органаў не валодалі беларускай мовай і не маглі весці размову з ёю па-беларуску.
Перад Новым годам яна пайшла ў аддзел вырабу пашпартоў Ленінскага РАУС забраць свой новы пашпарт. Але дакумент ёй не аддалі, а супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю.
Міліцыянты правялі ператрус па месцы жыхарства Таццяны, забралі кампутар і мабільны тэлефон. Затрыманне аформілі 31 снежня.
У выніку Таццяну пратрымалі 72 гадзіны і Новы год яна сустрэла ў ізалятары. Пасля трох сутак зняволення Кашко адпусцілі.
Зараз яна застаецца ў статусе падазраванай.
Паводле артыкулу 369 ёй могуць пагражаюць грамадскія працы, альбо штраф і нават абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.
Алесь Завіноўскі