Беларуская Служба

У Гродне дзяўчына пачала галадоўку за свайго хлопца

16.03.2021 14:57
Восенню Вольга мусіла з’ехаць у Вільню, дзе зараз жыве і працуе.
Нацыянальны беларускі сцяг Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Вольга Каракіна пачала галадоўку 13 сакавіка, каб падтрымаць Дзмітрыя Фурманава, які галадае ў гродзенскай турме з 11 сакавіка. Фурманава судзяць «па справе Ціханоўскага».

Вольга і Дзмітрый да яго арышту жылі разам. Пасля таго, як Дзмітрыя затрымалі 29 мая, у міліцыю пачалі выклікаць і яе.

Восенню Вольга мусіла з’ехаць у Вільню, дзе зараз жыве і працуе.
Паводле яе самой, пакуль стан здароўя здавальняючы, яна нават ходзіць на працу.

«Я галадаю ў падтрымку Дзімы, каб ён спыніў галадоўку, каб у яго была нагода для гэтага. Вельмі хачу, каб ён спыніў галадоўку, бо і яго бацькі вельмі хвалююцца з гэтай нагоды».

Над Дзмітрыем зараз адбываецца суд. Яго абвінавачваюць на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

А галадаць ён пачаў супраць змянення да яго стаўлення ў турме.
На працягу апошняга месяца яго пачалі выводзіць за межы камеры, у тым ліку на шпацыр, у кайданках, як небяспечнага злачынцу.

Алесь Завіноўскі, Гродна