Еўрапейскі вяшчальны саюз чакае ад БТ тлумачэнняў наконт відэа здзекаў над затрыманымі, перадае euroradio. У EBU 14 красавіка звяртаўся старшыня Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. І ўжо атрымаў адказ. Латушка прасіў вывучыць матэрыялы, якія сведчаць пра датычнасць БТ да катаванняў.
Паводле яго слоў, яркім прыкладам гэтага з'яўляецца відэа з палітвязнем Мікалаем Дзядком на фоне чырвона-зялёнага сцягу, якое паказалі на тэлеканале "Беларусь 1". Пасля вывучэння відэа Еўрапейскі вяшчальны саюз і запатрабаваў адказ ад Белтэлерадыёкампаніі.
Больш таго, EBU збірае факты (і спрабуе іх пацвердзіць) пра сітуацыю ў краіне праз АБСЕ і Савет Еўропы, праз журналісцкія арганізацыі. Любы адказ з БТ будзе ацэньвацца з улікам гэтых фактаў, адзначаецца ў лісце, які атрымаў Павел Латушка.
Еўрапейскі вяшчальны саюз заявіў, што сітуацыя ў Беларусі мусіць асвятляцца аб'ектыўна, а журналістаў не павінны пераследаваць за выкананне імі прафесійных абавязкаў.
эж