Беларуская Служба

Журналіста Алега Супрунюка судзяць у Брэсце за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

07.07.2021 13:09
Гаворка ідзе пра публікацыю навіны пра ўключэнне ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, у які трапіў жыхар Баранавічаў, інвалід Уладзімір Гундар.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

Затрыманага 6 ліпеня рэдактара навін «Першага Рэгіёна» Алега Супрунюка судзяць у Брэсце
Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ – «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Санкцыя прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт. Можа прымяняцца канфіскацыя «прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння».

Гаворка ідзе пра публікацыю навіны пра ўключэнне ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, у які трапіў жыхар Баранавічаў, інвалід Уладзімір Гундар. Пасля яго асудзілі за «гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак».

У публікацыі пра затрыманне Гундара было выкарыстана фота гэтага баранавіцкага актывіста у кашулі з арнаментам. Праваахоўнікі ўгледзелі ва ўзоры арнаменту свастыку.

24 чэрвеня ў Ганцавічах прайшоў грамадзянскі працэс па заяве Шостага аддзелу ГУБАЗіК па Брэсцкай вобласці аб прызнанні сімвала левабаковай свастыкі экстрэмісцкім і матэрыялу, у якім было фота Гундара ў кашулі вышыванцы. Рашэнне яшчэ не ўступіла ў законную сілу.

Галоўны рэдактар Пётр Гузаеўскі прыводзіў довады на судзе, што ў Законе »Аб супрацьдзеянні экстрэмізму«, які ўступіў у сілу 1 лютага 2020 года пераліку забароненай сімволікі першым пунктам ідзе «свастыка, якая з'яўляецца сімвалам Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі і ўяўляе сабой знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым вуглом».

На фота, апублікаваным на сайце, на кашулі Гундара канцы крыжа загнуты ў левы бок. Няма гэтага сімвала левабаковай свастыкі і ў абноўленым заканадаўстве са зменамі і дапаўненнямі «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці», і няма ў новым законе «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», які ўступіў у сілу ў сярэдзіне чэрвеня 2021 года.

Першы рэгіён/нг