Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі нарошчвае ціск праз нелегальных мігрантаў

26.08.2021 16:11
За апошнія суткі ў Літву спрабавалі трапіць 150 нелегалаў, у Латвію – 101, у Польшчу - 71.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/Artur Reszko

Цягам апошніх некалькіх дзён былі толькі адзінкавыя спробы пранікнуць у краіны ЕС з беларускага боку мяжы.

Цяпер жа мігранты зноў наладзілі нашэсце: спрабавалі прабрацца ў Еўропу як групамі, так і самотна. Спробы завершыліся не вельмі паспяхова. У Літву ды Латвію нікога не пусцілі. У Польшчы 20 чалавек былі затрыманыя, кажа прэсавая сакратарка Памежнай аховы Ганна Міхальска.

- Учора было 71 спробаў нелегальнага перакрочання мяжы, мы затрымалі 20 чалавек. Спробы пераходу былі на ўчастку, які ахоўвае Падляшскі памежны атрад.

Польшча ўздыме пытанне пра сітуацыю на мяжы з Беларуссю на сустрэчы амбасадараў краін ЕС у Бруселі. Цалкам магчымыя новыя санкцыі. Пра гэта напісаў брусельскі карэспандэнт "Радыё "Свабода" Рыкард Ёзвяк.

Таксама Літва накіравала ў Брусель спіс кампаній і фізічных асоб Беларусі для ўвядзення супраць іх санкцый, у звязку з іх удзелам у арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Еўрасаюз. Аўстрыя заявіла, што падтрымлівае літоўскую прапанову. Абмеркаванне сітуацыя плануецца адразу пасля таго, як інстанцыі ЕС вернуцца з адпачынку.

Пакуль жа Еўрапейскі суд па правах чалавека папрасіў Польшчу і Латвію аказваць дапамогу бежанцам на мяжы з Беларуссю - забяспечваць іх ежай, вадой, адзеннем, меддапамогу і нават часовым жыллём.

Еўропа павінна жорстка адказаць на шантаж мігрантамі з боку Лукашэнкі, перакананы палітолаг Павал Усаў.

- У дадзеным выпадку павінен быць абсалютна жорсткі адказ на дзейнасць беларускіх уладаў. Дадзенае пытанне трэба вынесці на Раду Бяспекі ААН. Размова павінна весціся з пазіцыі сілы, далейшых санкцый, бо Лукашэнка паводзіць сябе як тэрарыст, дэстабілізуе сітуацыю ў цэлым рэгіёне.

юл