Выстаўлены на аўкцыён сярэбраны медаль Еўрапейскіх гульняў 2019 года беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай прадалі за 21 тысячу долараў. Узнагарода была выстаўлена на пляцоўцы eBay.
«Я вельмі шчаслівая, што мы змаглі прадаць медаль. Нават не чакала, што яго купяць за такую суму. Пакупніка пакуль не ведаю, але хацела б з ім пазнаёміцца. Сума вельмі вялікая і мы накіруем яе на добрую справу: на дапамогу мне і пацярпелым спартсменам, на іх падрыхтоўку, на спаборніцтвы», - прыводзіць словы спартсменкі Фонд спартыўнай салідарнасці.
Раней паведамлялася, што ўсе сродкі спартсменка пералічыць у Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які аказвае падтрымку спартсменам Беларусі. Нагадаем, пасля таго, як лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская на Алімпіядзе раскрытыкавала спартыўных чыноўнікаў Беларусі, яе знялі са спаборніцтваў і, па словах самой спартсменкі, спрабавалі сілаю вывезці з Японіі. Аднак НАК Беларусі заявіў, што адхіліў ад удзелу на Гульнях у Токіа Ціманоўскую «у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам» па рашэнні лекараў. 2 жніўня Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу. 4 жніўня яна прыбыла ў Варшаву.
нг