27 жніўня ў Мінску затрымалі сястру палітвязня Максіма Вінярскага, сябра БНФ Алену Церашкову і яе мужа, сябра Сойму Партыі БНФ Андрэя Церашкова.
У іх доме адбыўся ператрус.
У сям’і Церашковых – чацвёра непаўналетніх дзяцей. Цяпер яны знаходзяцца з бабуляй. Маці Алены і Максіма была ў цяжкім псіхалагічным стане, не ведаючы, хто, куды і ў межах якой справы забраў яе дачку.
Як паведаміла пазней Алена Церашкова ў сацыяльных сетках, яна была асуджаная да адміністрацыйнага штрафу ў 100 базавых адзінак (2900 рублёў) і вызваленая. А яе мужу, сябры Сойма Партыі БНФ Андрэю Церашкову, суд прысудзіў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У сужэнцаў былі сканфіскаваныя мабільныя тэлефоны.
Алена Церашкова – сябра БНФ і актывістка «Еўрапейскай Беларусі», хірург сківіцы і твару, піша дзіцячыя казкі па-беларуску, а таксама дапаможнік па англійскай мове. У 2019 годзе яна вылучалася кандыдатам у дэпутаты парламенту ад Партыі БНФ па Каменнагорскай выбарчай акрузе №101 у Менску. Андрэй Церашкоў – актывіст партыі Беларускага народнага фронту, сябра Сойму Партыі БНФ.
БНФ/нг