Праваабаронца Леанід Судаленка, які ўжо восем месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Судаленка распавёў у лісце, што Юрый Васкрасенскі (адпушчаны на волю былы актывіст, які цяпер агучвае ініцыятывы ўлады) прапаноўваў яму напісаць «пакаянную», – піша «Новы час». Быў нават пастаўлены дэдлайн – да 31 жніўня.
«Я пакуль абраў суд. Ён жа даверанасці ад таго, xто мілуе, не прыклаў. А раптам правакатар», – адзначае ў лісце праваабаронца.
Працэс па яго справе павінен пачацца 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля і будзе адкрытым.
«Прыходзьце, пачуеце, як правільна Радзіму любіць трэба. Звычайна былі суды »Судаленка супраць РБ«, а цяпер – »РБ супраць Судаленкі «, – напісаў праваабаронца. Раней ён неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека. І разгляд спраў там сапраўды называўся »Судаленка супраць Рэспублікі Беларусь«. Прычым усе тыя справы праваабаронца выйграў, але Беларусь рашэнні Міжнароднага суда не выконвае.
Судаленку абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 і 2 арт. 342 КК РБ). Так следства трактавала дапамогу праваабаронцы людзям. Ён дапамагаў аплочваць штрафы і абскарджваць рашэнні судоў.
У судзе над Судаленкам мяркуецца апытаць больш за 60 чалавек, якім ён дапамагаў. Усяго ж у статусе такіх сведак на стадыі папярэдняга следства было апытана больш за 200 чалавек – жыхароў Гомельскага рэгіёну.
Праваабаронцы прызналі Леаніда Судаленку палітвязнем.