«Ахова птушак Бацькаўшчыны» адправіла асабісты зварот да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з просьбай забараніць веснавое паляванне на птушак і прымяненне ногазахапляльных пастак.
Цяпер рыхтуюцца змены ў Правілы палявання. У звароце звяртаецца ўвага на тое, што ў Беларусі дазволена паляваць на вадаплаўных птушак вясной 28 дзён, а ў рамках тураў – усе 58 дзён: з 14 сакавіка да 10 траўня ў гэтым годзе. Для параўнання, у Расіі сезон вясной толькі 10 дзён, а ў ЕЗ такое паляванне цалкам забаронена. Бо гэта як раз перыяд вясновай міграцыі і размнажэння. А ў Беларусі ў гэты час шэрых гусей, колькасць якіх у нас невысокая, дазволена страляць, калі ў іх ёсць кладкі і нават маленькія птушаняты (канец красавіка). Прычым абмежаванняў на здабычу вадаплаўнай дзічыны ў Беларусі няма.
Пад стрэлы па памылцы трапляюць самкі качак (здабываць вясной дазволена толькі самцоў), а таксама рэдкія віды, падобныя з паляўнічымі. Стральба распуджвае і іншых водных і каляводных птушак, і яны кідаюць кладкі. У тым ліку ўключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу. Выкарыстанне электронных вабікаў забаронена ў Расіі і ЕЗ, так як яны спрыяюць знішчэнню птушак. У Беларусі яно дазволена.
У звароце таксама ўвага звяртаецца на тое, што ў Беларусі дазволена ўжываць ногазахапляльныя пасткі. Жывёлы, трапляючы туды, паміраюць пакутлівай смерцю, часам адгрызаюць сабе лапу. У такі капкан не заўсёды трапляе тая жывёла, на якую разлічвае паляўнічы. Часам гэта «чырванакніжныя» віды, напрыклад, беркут або арлан-белахвост. У ЕЗ і ў Расіі (за некаторым выключэннем) дзейнічае забарона на такія пасткі.
АПБ вельмі разлічвае на тое, што ёй удасца пераканаць улады забараніць знішчальную практыку веснавога палявання і жорсткае абыходжанне з жывёламі з выкарыстаннем пастак.
ав