Беларуская Служба

«Белавія» звальняе спецыялістаў авіяцыйна-тэхнічнай базы

06.09.2021 15:29
Гендырэктар кампаніі: «У цяперашні час усе намаганні авіякампаніі накіраваны на стабілізацыю сітуацыі, пошук новых рынкаў пасажырскіх перавозаў».
 Belavia
Самалёт BelaviaBy Anna Zvereva from Tallinn, Estonia - Belavia, EW-456PA, Boeing 737-8ZM, CC BY-SA 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=52212173

У сувязі з санкцыямі Еўрапейскага Звязу ў «Белавіі» рэзка зменшыліся пасажырскія перавозы і, у выніку, паменшылася патрэба ў тэхнічным абслугоўванні і рамонце самалётаў. Адпаведны ліст гендырэктара кампаніі Ігара Чаргінца да працаўнікоў апублікаваў ТК- МотолькоПомоги.

У лісце гаворыцца, што за шэсць месяцаў 2021 года абʼёмы працаў тэхнічнага абслугоўвання і рамонту самалётаў адносна першага паўгоддзя 2019 года ўпалі на 33,88 %.

«Прагназаваныя паказнікі перавозаў у восеньска-зімовы перыяд бачацца яшчэ больш песімістычнымі. У гэтай сітуацыі ў авіякампаніі вядзецца праца для аптымізацыі колькаснага складу ва ўсіх структурных падраздзяленнях. Колькасць спецыялістаў авіяцыйна-тэхнічнай базы за 2021 год скарацілася на 38 работнікаў, у тым ліку 15 работнікаў цэху тэхнічнага абслугоўвання авіяцыйнай тэхнікі», – напісаў Чаргінец.

Паводле яго, пераважна былі звольненыя работнікі пенсійнага ўзросту і тыя, хто сам захацеў звольніцца.

«У цяперашні час усе намаганні авіякампаніі накіраваны на стабілізацыю сітуацыі, пошук новых рынкаў пасажырскіх перавозаў з мэтай захавання максімальнай колькасці персаналу, усведамляючы каштоўнасць яго кваліфікацыі, досведу і прафесіяналізму», – гаворыцца ў лісце.

Нагадаем, што 4 чэрвеня Еўразвяз апублікаваў дакумент, які забараняе ўсім беларускім авіяперавознікам палёты ў паветранай прасторы краінаў ЕЗ.

Ён прадугледжвае забарону на ўзлёт, пасадку і пралёт самалётаў беларускага авіяперавозніка над тэрыторыяй Еўразвязу. Пазней да рашэння ЕЗ далучыліся яшчэ сем дзяржаваў. У выключных выпадках могуць прымацца толькі гуманітарныя рэйсы, а таксама аварыйныя або экстранныя пасадкі.

Прычынаю забароны ў дачыненні беларускіх авіякампаніяў стаўся інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску ды арыштам журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, якія былі на борце.

яс/belsat.eu