Дзяржаўная газета «Мінская праўда» выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць «Магутны Божа», перадае euroradio. Малюнак размешчаны на першай паласе газеты. Выхад гэтай карыкатуры пракаментаваў у Фэйсбуку прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько. Ён ацаніў гэты малюнак як плявок у твар мільёнам католікаў:
-У час, калі беларускі народ стомлены вырашэннем грамадска-палітычных пытанняў. Змучаны барацьбой з пандэміяй каранавіруса. У святле новаўтворанага дзяржаўнага свята «Народнага адзінства». Рэдакцыя газеты «Мінская праўда» Мінскага аблвыканкама 7 верасня 2021 г. плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў, якія жывуць у нашай краіне, а калі ўважліва паглядзець на размешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зневажаецца крыж, то лічу, што абражаюць усіх хрысціян. Прапаганда нацысцкай сімволікі», – напісаў Юрый Санько.
Ксёндз задаецца пытаннем, чым з'яўляецца гэтая карыкатура: правакацыяй або хайпам.
«Сумна, але гэта наша рэчаіснасць! Не магу не нагадаць, што кожны тыдзень мы молімся і за ворагаў касцёла!» – дадае ён.
Летась падчас акцыяў пратэсту каталіцкія ксяндзы актыўна выступілі супраць гвалту сілавікоў. Пасля гэтага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча некалькі месяцаў не пускалі вярнуцца ў Беларусь.
Таксама беларускія ўлады актыўна выступаюць супраць ужывання духоўнага гімна «Магутны Божа»: Аляксандр Лукашэнка асабіста забараніў яго спяваць у храмах. Сёлета без тлумачэння прычын упершыню быў адменены фэст духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праводзіўся з пачатку 1990-х.
эж