«У Мінску па фактах масавых мерапрыемстваў з ліпеня 2020 года ўзбуджана больш за 1,6 тыс. крымінальных спраў, над якімі працавалі нашы супрацоўнікі. З гэтай колькасці справы па абвінавачванні больш за 400 чалавек накіраваныя ў суды, іншыя цяпер пад следствам», – заявіў Паско ў эфіры тэлеканала СТВ.
Начальнік УСК па Мінску анансаваў, што ў бліжэйшы час следчыя дадуць ацэнку ўсёй арганізацыі масавых беспарадкаў.
Акрамя таго, пад следствам знаходзіцца вялікая група анархістаў. «У нас ёсць даволі-такі вялікая група анархістаў, якая знаходзіцца пад следствам, пад вартай. Мы плануем у бліжэйшы час, гэта месяц – паўтара, што скончым расследаванне па гэтай крымінальнай справе і яна будзе накіравана ў суд», – сказаў ён.
Прадстаўнік СК дадаў, што гэтая група дзейнічала не толькі ў поствыбарчы перыяд. «Іх арганізацыя адбывалася задоўга да перадвыбарнай кампаніі, яны сваю дзейнасць адточвалі ў Брэсцкай вобласці на акумулятарным заводзе (падчас пратэстаў супраць яго будаўніцтва – заўвага)», – адзначыў Паско.
Паводле яго слоў, гэтая група анархістаў узаемадзейнічала з інтэрнэт-блогерамі. «У іх было яшчэ ўзаемадзеянне з анархістычнымі рухамі Расіі і Украіны. Таму па гэтай крымінальнай справе ў нас пад вартай утрымліваюцца і неграмадзяне Рэспублікі Беларусь, якія таксама прымыкаюць да гэтага руху», – дадаў Паско.
ав/Беларускі партызан