Беларуская Служба

Місія МВФ постфактум разбіраецца, ці вартая Беларусь мільярднага траншу на барацьбу з пандэміяй

13.09.2021 12:01
Сродкі МВФ агульнай сумай 650 мільярдаў долараў выдзяляюцца краінам свету ў адмысловай прапорцыі на барацьбу з пандэміяй.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пікет супраць выдзялення Беларусі сродкаў МВФ у Вашынгтоне, архіўнае фота
13 верасня віртуальная місія Міжнароднага валютнага фонду прыступае да вывучэння стану беларускай эканомікі, пведамляе Радыё Свабода.

Паводле агенцтва Reuters, місія звязаная з «занепакоенасцю» ў адрасным выкарыстанні траншу памерам амаль 1 мільярд долараў уладамі Беларусі. Сродкі МВФ агульнай сумай 650 мільярдаў долараў выдзяляюцца краінам свету ў адмысловай прапорцыі на барацьбу з пандэміяй.

Паведамляецца, што місія МВФ мае намер сабраць больш інфармацыі аб эканамічных тэндэнцыях у Беларусі і рэакцыі кіраўніцтва краіны на распаўсюд каранавіруснай інфекцыі. У фондзе не выключаюць, што рэжым Лукашэнкі паспрабуе пераарыентаваць сродкі глабальных крэдытных выплатаў пад свае патрэбы.

Місія пачалася ў рамках адмысловага мандату дзеля назірання і маніторынгу і ставіць перад сабой мэту скласці ясную карціну эканамічнай сітуацыі і рэакцыі на COVID-19, спасылаецца агенцтва на прэс-сакратара МВФ.

Пакуль невядома, як доўга эксперты збіраюцца маніторыць беларускія рэаліі.
Раней шэраг арганізацый і прыватных асобаў выступілі супраць выдзялення Беларусі 923 мільёнаў долараў дзеля барацьбы з наступствамі пандэміі. Выказваўся сумнеў, што грошы пойдуць менавіта на гэтыя мэты, і што Лукашэнка атрымае дадатковы рэсурс, каб падсілкоўваць карную сістэму.

Міжнародны валютны фонд не дыктуе, на што можна выдаткоўваць атрыманыя сродкі, яны аўтаматычна трапляюць у золатавалютныя рэзервы. Акрамя таго, гэта не крэдыт, вяртаць грошы не трэба.

ав/Свабода