Нягледзячы на заклік Макея не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам Беларусі, Святлана Ціханоўская выступіла ў ААН.
Яна звярнула ўвагу на колькасць палітвязняў і тысячы беларусаў, арыштаваных з палітычных прычынаў, эскалацыю рэпрэсіяў, у тым ліку супраць журналістаў.
Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, яна заявіла, што рэжым Лукашэнкі стаў «пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, і гэты тэрор мусіць быць спынены».
Ціханоўская заклікала падтрымаць спецыяльны мандат Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека для вывучэння парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. У межах гэтага мандату Вярхоўны камісар прызначыла трох экспертаў высокага ўзроўню – Карыну Маскаленку (Расія), Сюзан Базыллі (Канада) і Марку Міланавіча (Сэрбія).
Таксама яна адзначыла працу спецдакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала ўключыць беларускае пытанне ў парадак Рады Бяспекі ААН і разгледзець у Трэцім камітэце Генеральнай асамблеі.
Макей выступаў супраць альтэрнатыўных галасоў у ААН
27 верасня на сесіі Генеральнай асамблеі ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей выступіў супраць «прасоўвання галасоў грамадзянскай супольнасці» ў ААН.
« Хацелася б нагадаць усім пра існаванне ключавога прынцыпу дзейнасці ААН: «Адна дзяржава – адзін голас«. Выступаем супраць размыцця суверэнітэту дзяржаў – сяброў ААН і стварэння марыянетачных удзельнікаў у выглядзе няўрадавых арганізацый, якія будуць здольныя заглушыць думку самастойных дзяржаў. Бескантрольнае навадненне сістэмы ААН меркаваннем НДА не толькі не дазволіць належным чынам улічыць і нават пачуць іх галасы, але і ўскладніць дасягненне кансэнсусу».
яс/паводле Свабода