Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», за год беларускія суды асудзілі паводле «палітычных» крымінальных артыкулаў мінімум 976 чалавек. З іх пазбавілі волі 449 чалавек.
Больш за ўсё палітычных прысудаў у Беларусі вынеслі брэсцкія суддзі — па «пінскай справе» і па справе аб «масавых беспарадках» яны адначасова дзясяткамі адпраўлялі людзей у калоніі.
Па «справе карагодаў» брэсцкія суддзі вынеслі «палітычныя» прысуды ў дачыненні да 81 чалавека. Самыя масавыя «судовыя канвееры» ладзілі брэсцкія суддзі Вера Філонік, Іна Клышпач, Святаслаў Каліна і іншыя.
У Мінску такімі групамі судзілі два разы — «справу студэнтаў» і «справу ўдзельнікаў закрытага чата». Адразу 12 і 11 чалавек суддзі Марына Фёдарава і Дзмітрый Астапенка адправілі ў калоніі.
«Вясна» склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў у Мінску, якія больш за ўсіх па палітычных матывах судзілі беларусаў па крымінальных артыкулах.
Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк па «палітычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса асудзіў мінімум 20 чалавек. Гэта рэкорд сярод мінскіх суддзяў.
Суддзя Савецкага суда Марына Фёдарава атрымала вядомасць праз прысуды 12 фігурантам «справы студэнтаў»: 11 палітвязняў былі асуджаныя да 2,5 года калоніі і адзін — да двух гадоў пазбаўлення волі. Незадоўга да гэтага да трох гадоў «хіміі» Фёдарава асудзіла 21-гадовага студэнта трэцяга курса БДУІР Арцёма Вінакурава. За год суддзя вынесла 16 «палітычных» прысудаў.
Суддзя Фрунзенскага суда Юлія Блізнюк за год вынесла таксама 16 «палітычных» прысудаў. У асноўным яна судзіла людзей у пары з вядомымі памочніцамі пракурораў Алінай Касьянчык і Валерыяй Таратынка. Гэта яна адправіла Максіма Паўлюшчыка на два гады калоніі за абнаўленне ў раёне станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску надпісу «Не забудзем» на тратуары каля народнага мемарыяла памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага.
За суддзёй Заводскага раёна Дзмітрыем Астапенкам лічыцца як мінімум 14 асуджаных па палітычных матывах. Ён разглядаў адну з самых масавых у Мінску справаў — удзельнікаў закрытага тэлеграм-чата. 11 чалавекам Астапенка вынес строгія прысуды: ад пяці да дзевяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце «радыкальнага напрамку».
За год суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня вынесла мінімум 12 прысудаў па палітычных матывах. З іх дзевяць чалавек яна адправіла ў калонію.
Максім Трусевіч асудзіў 11 чалавек па палітычных матывах, ігнараваў на судзе заявы пра збіццё для атрымання «патрэбных» доказаў.
Суддзя Сяргей Епіхаў вынес «палітычныя» прысуды Калеснікавай, Знаку і актывістам па справе тэлеграм-канала «Армія з народам».
яс