Беларуская Служба

Галоўрэд «Віртуальнага Брэста» атрымаў 1,5 гады абмежавання волі за каментар. Сайт выдання заблакавалі

24.10.2021 15:24
Пра суд над Андрэем Кухарчыкам паведамілі праваабаронцы.
Андрэй КухарчыкКрыніца: novychas.by

Суд прысудзіў галоўнага рэдактара выдання «Віртуальны Брэст» Андрэя Кухарчыка да аднаго з паловай гадоў абмежавання волі па артыкуле «Абраза прадстаўніка ўлады». На наступны дзень сайт выдання перастаў адкрывацца, піша novychas.by.

Пра суд над Андрэем Кухарчыкам паведамілі праваабаронцы. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Вясна | Брэст», суд пачаўся ў чацвер 21 кастрычніка, а на наступны дзень разгляд крымінальнай справы ўжо завяршыўся.

Кухарчыка абвінавачвалі па артыкуле 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады». Паводле версіі абвінавачання, у тэлеграм-чаце «Абмяркоўваем небяспечны Брэст» пад фатаграфіяй дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка Кухарчык напісаў каментар з абразай.

Суддзя Яўген Брэган пагадзіўся з довадамі абвінавачання і прызначыў галоўрэду паўтара года «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову).

На наступны дзень 23 кастрычніка — сайт «Віртуальны Брэст» перастаў адкрывацца з Беларусі.

«Афіцыйна інфармацыю аб блакаванні мы пакуль не атрымлівалі, але гэта пытанне часу, — паведаміла выданне. — Што мы будзем рабіць далей — паведамім крыху пазней, але працаваць для вас у заблакаваным стане няма сэнсу, так што паклапаціцеся аб пошуку іншых крыніц інфармацыі загадзя, балазе, яны пакуль яшчэ ёсць. Верагодна, нейкі час мы будзем дапрацоўваць, як мінімум да НГ, каб закрыць пытанні з рэкламадаўцамі, а далей паглядзім».

Гэта ўжо другое блакаванне «Віртуальнага Брэста»: у жніўні 2020-га быў заблакаваны дамен virtualbrest.by, цяпер жа з Беларусі стала немагчыма зайсці на сайт-люстэрка ў зоне.ru.

эж

У Полацку будуць судзіць прафсаюзнага лідара Віктара Стукава

24.10.2021 11:14
Прычынай стаў рэпост у Facebook роліка тэлеканала «Белсат».

66% беларусаў супраць аб'ядання з Расіяй

24.10.2021 13:16
Пры гэтым да саюзнай дзяржавы ў большасці сваёй ставяцца станоўча.