Беларуская Служба

Беларусь скараціла транзіт нафты ў Польшчу, афіцыйнае тлумачэнне - незапланаваны рамонт

17.11.2021 12:02
Раней Аляксандр Лукашэнка пагражаў абмежаваць транзіт газу і нафты ў краіны Еўрасаюзу, калі Брусель увядзе новыя санкцыі ў адносінах Мінска.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Shutterstock/pan demin

Беларусь скараціла транзіт нафты ў Польшчу. Аператар «Гомельтранснафта» тлумачыць, што гэта звязана з незапланаваным рамонтам нафтаправода «Дружба». Рамонтныя работы працягнуцца тры дні, піша агенцтва ТАСС.

Раней Аляксандр Лукашэнка пагражаў абмежаваць транзіт газу і нафты ў краіны Еўрасаюзу, калі Брусель увядзе новыя санкцыі ў адносінах Мінска. Некаторыя расійскія і заходнія эксперты нагадваюць, што Мінск не прымае рашэнняў па многіх пытаннях без згоды Масквы.

З афіцыйнага паведамлення «Гомельтранснафты» вынікае, што рамонтныя работы пачаліся ўчора і тычацца толькі магістралі, па якой сыравіна паступае ў Польшчу. Пры гэтым беларускі аператар адзначыў, што ніякіх зменаў у планах пастаўкі не прадугледжана.

Раней еўрапейскія палітыкі, у тым ліку з Польшчы, папярэджвалі, што Расія будзе выкарыстоўваць пастаўкі газу, каб прымусіць ЕС пагадзіцца на запуск двух нітак газаправода «Паўночны паток-2». Таксама адзначалася, што рэзкае павышэнне коштаў на блакітнае паліва на еўрапейскіх біржах было выклікана Масквой.

Польскія ўлады выступаюць супраць будаўніцтва газаправода ПП2. Польскія эксперты рэкамендуюць дыверсіфікаваць пастаўкі энергарэсурсаў. На іх думку, узмацненне залежнасці ад паставак газу і нафты з Расіі пагражае бяспецы еўрапейскага энергетычнага рынку.

IAR PR/нг