Мінімум 14 мінчукоў утрымліваюцца ў ЦІП на Акрэсціна на паўторных «сутках». Перазатрыманні і новыя пратаколы – яшчэ адзін спосаб ціску на беларусаў, паведамляе праваабрончы цэнтр «Вясна».
Больш за паўгады таму беларускія ўлады пачалі актыўна выкарыстоўваць новыя пратаколы па адміністрацыйных справах, каб не выпускаць на волю затрыманых па «палітычных артыкулах». Усё пачыналася са складання дадатковых пратаколаў на тых, у каго сканчваўся 72-гадзінны тэрмін утрымання пад вартай. Калі затрыманага суддзі не паспавялі асудзіць за гэты час, то ў РУУСе на яго складалі новы пратакол, па якім яго маглі ўтрымліваць яшчэ тры дні.
Пазней улады перайшлі да іншай тактыкі: каб затрыманых як мага больш утрымліваць на Акрэсціна ў нечалавечых умовах, іх пачалі «перазатрымліваць» па вызваленні і складаць пратаколы па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцынтам). Гэтыя «правапарушэнні» звычайна адбываюцца ўжо на тэрыторыі РУУСа, міліцыянты якога складаюць пратаколы.
За апошні час рэкардсменамі па «сутках» сталі Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. Мужа і жонку судзілі дзевяць разоў запар, складаючы новыя і новыя пратаколы па адным і тым жа артыкуле. Але яны не адзіныя, хто працяглы час утрымліваецца на Акрэсціна па адміністрацыйных артыкулах.
Па інфармацыі «Вясны», на дадзены момант у ЦІП знаходзяцца мінімум 14 чалавек, якіх перазатрымлівалі па некалькі разоў па палітычна матываваных матывах. Вядома, што з некаторымі з іх запісвалі «пакаяльныя відэа». Пратаколы на арыштантаў складаюць па трох артыкулах: 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам) і 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі). Таксама вядома некалькі выпадкаў, калі арыштантаў афіцыйна вызваляюць і аддаюць іх рэчы, але з тэрыторыі ЦІПа на волю яны так і не выходзяць, бо супрацоўнікі ГУБАЗіКу ці РУУСа сустракаюць іх, каб правесці «прафілактычныя гутаркі», падчас якой арыштанты па пратаколу «паводзяць сябе агрэсіўна», за што атрымліваюць новыя суткі.
На дадзены момант праваабаронцам вядома мінімум пра 13 перазатрыманых мужчын і адну жанчыну, сярод якіх: Яўген Люльковіч па пяці пратаколах асуджаны да 61 сутак. За кратамі ён знаходзіцца з 21 верасня. Аляксандра Бембеля перазатрымлівалі яшчэ чатыры разы. У выніку, па пяці пратаколах па арт. 19.11 КаАП яго арыштавалі на 58 сутак. Аляксандра Беладзеда з 1 кастрычніка паспелі асудзіць ужо па чатырох пратаколах. Агулам на Акрэсціна мужчына правядзе 51 суткі. Судзілі Аляксандра спачатку за непадпарадкаванне, а потым – тройчы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў па арт. 19.11 КаАП. Віталій Умрэйка быў асуджаны па трох пратаколах на 44 сутак.
Яшчэ дзесяць перазатрыманых мінчукоў асуджаныя да 30 і болей сутак. Сярод іх – журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка, якіх днямі арыштавалі зноў на 15 сутак. Вядома, што іх выпускалі з Акрэсціна, але сваякі іх так і не пабачылі.
эж