Беларуская Служба

Беларускі СК: Дзеянні польскіх уладаў у "Брузгах" 16 лістапада былі загадзя спланаваныя

22.11.2021 18:11
Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да вышэйшых службовых асоб Польшчы па артыкуле аб прапагандзе вайны.
  -
Дзмітрый Гара - кіраўнік СКscreen: https://t.me/sputnikby/17626

Дзеянні польскіх уладаў у "Брузгах" 16 лістапада былі загадзя спланаваны - сказаў кіраўнік СК Беларусі Дзмітрый Гара.

Следчагы камітэт працягвае расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па падзеях 16 лістапада на польска-беларускай мяжы.

Ведамства паведаміла, што агульная колькасць пацярпелых павялічылася да 132 чалавек, з якіх 23 — дзеці ва ўзросце ад аднаго да 14 гадоў. Большая частка пацярпелых - грамадзяне Ірака.

СК аналізуе парушаныя нормы міжнароднага права і прынятыя меры рэагавання ў сувязі з гэтым.

- Цяпер намі правяраецца версія аб тым, што дзеянні польскіх уладаў былі загадзя спланаваныя. Бо да таго моманту, калі група мігрантаў прыбыла ў пункт пропуску, там ужо былі сканцэнтраваны сілы польскіх сілавікоў, што можа сведчыць аб тым, што гэта была загадзя спланаваная акцыя, загадзя спланаваная правакацыя. Над гэтым следства цяпер працуе, - заявіў журналістам у лагеры мігрантаў у лагістычным цэнтры кіраўнік СК Дзмітрый Гара.

Нагадаем, 16 лістапада мігранты паспрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Яны кідалі ў польскіх сілавікоў камяні. Палякі прымянілі ў адказ вадамёты і слёзатачывы газ. Спроба штурму правалілася і мігранты разбілі намётавы лагер каля ПП «Брузгі». У выніку сутыкнення ёсць пацярпелыя як з аднаго, так і з другога боку. Польшча і Беларусь распачалі крымінальныя справы.

Польская паліцыя паведамляла аб сямі пацярпелых. Усе траўмы былі нанесеныя прадметамі, якія кідалі невядомыя ў ланцуг польскіх сілавікоў.

Беларускія ўлады абвінавацілі польскіх сілавікоў у выкарыстанні таксічных рэчываў. Паліцыя Польшчы пацвердзіла, што пры спробе прарыву мяжы супраць мігрантаў выкарыстоўваўся пярцовы газ, назваўшы гэтую меру "адэкватным сродкам прамога прымусу".

Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да вышэйшых службовых асоб Польшчы па артыкуле аб прапагандзе вайны і "іншых шматлікіх супрацьпраўных дзеяннях супраць чалавецтва". Яго расследаванне даручана Следчаму камітэту.

яс