Беларуская Служба

Бізнэс занепакоены перабоямі з імпартам у Расію праз Беларусь

22.11.2021 18:36
Праблемы ўзніклі на фоне выкліканай Мінскам сітуацыі з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота з адкрытых крыніц

Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях папрасіў аб дапамозе віцэ-прэм'ера Расіі Андрэя Белавусава, паведамляе выданне «Коммерсант».

Праз польска-беларускую мяжу праходзіць каля 10% расійскага імпарту ў натуральным выражэнні, у тым ліку тавары першай неабходнасці, а больш за 90% паставак прыпадае на аўтамабілі.

«На КПП «Баброўнікі» на мяжы з Польшчай утварыліся чэргі з грузавікоў даўжынёй больш за 25 км, час пераходу павялічыўся да 80 гадзін, тады як дзень прастою адной грузавой машыны абыходзіцца мінімум у 500 еўра», – адзначаецца ў лісце, датаваным 18 лістапада. На альтэрнатыўных маршрутах праз Літву і Латвію таксама зʼяўляюцца пробкі. На гэтых кірунках выдаткі на адну машыну вышэй мінімум на 300 еўра.

«Захаванне сітуацыі, якая склалася, можа істотным чынам паўплываць на ланцужкі паставак і даступнасць тавараў для насельніцтва, асабліва ўлічваючы грузаабарот, які павялічваецца, і павышаны попыт на прадукцыю напярэдадні навагодніх святаў».

З затрымкамі імпартных паставак сутыкнуліся буйныя рытэйлеры, а пастаўшчыкі папярэджваюць пра рызыкі росту коштаў. Відавочнага лагістычнага рашэння ўдзельнікі рынку і эксперты не бачаць, разлічваючы на ​​палітычнае ўрэгуляванне пытання.

Паводле dw.com/вх