Затрыманага 11 лістапада Анатоля Шаўковіча, выказванне якога ў «пакаяльным» відэа МУС пра любоў да белага і чырвонага колераў (у прыватнасці, да чырвоных памідораў з белай смятанай) стала новым мемам, асудзілі на чарговыя 15 сутак.
Навіну аб працягу арышту Анатоля Шаўковіча апублікаваў у Facebook Аляксандр Знак, бацька палітзняволенага юрыста Максіма Знака.
«Майго сябра Анатоля арыштавалі ў дзень народзінаў, калі яму споўнілася 65 гадоў. Сёння дадалі яшчэ 15 сутак... Твар у яго чырвоны, а валасы сівыя, то бок белыя. І ён чакае вашых лістоў на Акрэсціна».
Паводле якіх артыкулаў судзілі інжынера, на гэты момант дакладна невядома.
паводле Свабода/нг
Пасля першага затрымання мужчыны прэс-служба МУС паведамляла, што ён нібыта «арганізаваў у падвале дома вытворчасць пратэставай сімволікі; вырабленыя сцягі мужчына закідваў на дрэвы».