Беларуская Служба

Пачаўся суд над заснавальнікам тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь»

29.11.2021 12:54
20-гадоваму студэнту Арцёму Баярскаму пагражае да 7 гадоў калоніі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Inactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння ў Менскім гарадскім судзе пачаўся суд над палітвязнем, 20-гадовым студэнтам Арцёмам Баярскім. Яго вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання – ў адміністраванні тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» і ягонага чату. Яму пагражае да 7 гадоў калоніі, - паведамляе Белсат.

Суд па справе Арцёма Баярскага зрабілі закрытым. Прычына: «у матэрыялах справы маюцца звесткі аб інтымным баку жыцця абвінавачанага, а таксама інфармацыя з тэлеграм-каналу, прызнаная экстрэмісцкай».

Разглядае справу суддзя Алена Шылько. Пракурор – Вольга Дындзілевіч.

Пад будынак суду падтрымаць Арцёма прыйшлі шмат студэнтаў, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў.

Гарадзенец, студэнт хімфаку БДУ, у школе Арцём выйграваў нацыянальныя алімпіяды па хіміі і марыў распрацоўваць лекі ад невылечных хвароб. У жніўні 2020 году ў знак пратэсту ён адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Пасля затрымання яго выключылі з БДУ. Каб атрымаць відэа з прызнаннем для тэлеграм-каналу Азаронка, Арцёма збілі.

У верасні хлопца завочна залічылі ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. У лістападзе 47 навукоўцаў Расейскай акадэміі навук падпісалі адкрыты ліст за вызваленне Арцёма Баярскага.

яс