Палітзняволеная Вольга Класкоўская правяла тры месяцы ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу) у Гомельскай жаночай калоніі №4.
Навіны з калўніі ад палітзьняволенай Вольгі Класкоўскай перадае Свабода.
У снежні мінулага году Вольгу Класкоўскую асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму праз абвінавачанне ў грубым парушэнні грамадскага парадку – за перакрыццё руху ў мінскай Серабранцы 13 кастрычніка. У судзе Класкоўская адмовілася даваць паказанні і не прызнала сваёй віны. У пачатку сакавіка Вольгу этапавалі для адбыцця пакарання ў жаночай калоніі № 4 у Гомлі.
«За гэты час мы прайшлі там усе ступені здзеку – агулам 40 дзён ШЫЗА і тры месяцы ПКТ, – кажа маці палітзняволенай Людміла Класкоўская. – За гэты час я змагла ёй адвезці ў Гомель толькі адну перадачу. На днях Вольга нарэшце выйшла з турэмнай камеры і амаль праз 4 месяцы я змагла ёй адправіць другую пасылку. Якім жа шчасцем для мяне было яе адзіны званок пасля такога тэрміну».
Паводле маці, цягам трох месяцаў Вользе забаранялі пасылкі, тэлефанаванні і спатканні, яна магла атаварвацца ў калоніі толькі на адну базавую велічыню ў месяц.
«У Вольгі цяпер букет хваробаў, падае зрок, ацёкі ног, боль у хрыбце, гарманальныя збоі. Дзякуючы таму, што я дасылаю патрэбныя лекі, яна можа трымацца ў больш-менш адносным стане».
Людміла спадзяецца на спатканне з дачкой да яе вызвалення.
Раней Вольга пісала, што ў снежні ёсць надзея на спатканне. Пасля ПКТ сустрэчу адмянілі. Маці яна сказала: «Увогуле, матуля, мне здаецца, што гэтым пакаранням няма канца».
яс