Беларуская Служба

Гродзенцаў, якіх затрымлівалі за ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях», выклікаюць на здачу біяматэрыялаў

05.12.2021 08:30
Лік выкліканых здаваць сліну ідзе на дзясяткі.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота з адкрытых крыніц

Жыхароў Гродна, якіх затрымлівалі паводле «народнага» артыкула за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях (цяпер арт. 24.23 КаАП РБ, раней – арт. 23.34) сталі выклікаць у міліцыю для здачы біяматэрыялу, паведамляе Hrodna.life.

За апошні тыдзень выклікі пачасціліся, і, мяркуючы па нумарацыі позваў, лік ідзе на дзясяткі чалавек. У позвах прычыны выкліку не напісаныя, некаторых выклікалі нават без позваў – праз тэлефанаванне.

Цягам некалькі хвілін у людзей бяруць узор сліны, фатаграфуюць у анфас і профіль, а калі ў базе няма адбіткаў пальцаў, здымаюць адбіткі.

Якую практычную карысць (акрамя прыніжэння ці застрашвання) такая працэдура можа мець у палітычных рэпрэсіях, невядома. З узору сліны можна атрымаць «адбітак» ДНК чалавека, каб параўнаць яго з, напрыклад, кропляй крыві, следам вуснаў на цыгарэце або коранем воласа. Але для гэтага трэба мець узор ДНК з месца злачынства, з якім параўноўваць.

Базы ДНК ёсць у шэрагу краін, у тым ліку ў Расіі – там збіраюць звесткі пра ДНК асуджаных за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Апараты для хуткага аналізу ДНК каштуюць каля 30 тысяч долараў, іх ужыванне слаба ўрэгуляванае. Этычнасць выкарыстання баз ДНК сілавікамі ў свеце выклікае спрэчкі.

вх