Цягам апошніх шасці гадоў сям’я жыла ў кватэры, якая адносіцца да дзяржаўнага камерцыйнага арэнднага фонду. На рашэнне старшыні гарвыканкаму Берасця арэнду скасавалі, распавёў Reform.by муж Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.
Паводле Андрэя, яны з жонкай заўсёды спраўна плацілі за кватэру. Андрэй аплочваў арэнду і камунальныя паслугі нават у апошнія месяцы, хоць сам ён жыве за мяжой, а Паліна – у калоніі. 7 снежня сужэнец палітзняволенай даведаўся, што іх сям’я засталася без жытла ў Беларусі.
«У лістападзе арэнду нам працягнулі на год. Але зараз па рашэнні старшыні гарвыканкаму Аляксандра Рагачука кантракт на арэнду быў разарваны», – кажа Шарэнда.
Рашэнне дзейнічае з 1 снежня. Сям’і прыйшоў загад пакінуць памяшканне цягам некалькіх тыдняў. Іншага жытла не даюць.
Разам з кватэрай сям’я страціла рэгістрацыю, бо пасля разрыву дамовы арэнды жыльцоў аўтаматычна здымаюць з рэгістрацыі.
Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў гвалце і абразе супрацоўнікаў міліцыі. Жанчына адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца кідалі ў ШЫЗА.
Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі крымінальную справу, але ён здолеў уцячы з-пад хатняга арышту за мяжу. У сям’і двое дзяцей, яны засталіся з бабуляй у Беларусі.
яс/крыніца Белсат