Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская расказала, як яе вывозілі з Беларусі

07.12.2021 15:45
«Ваша кампанія скончаная», – сказаў ёй Паўлючэнка.
Святлана Ціханоўскаяhttps://www.youtube.com/watch?v=5mKIE4FEbuE

Былы кандыдат у прэзідэнты распавяла, як выязджала з краіны пасля выбараў 2020 года. Дэталі тых падзей апублікаваў амерыканскі часопіс The New Yorker.

10 жніўня 2020 года Святлана Ціханоўская і Максім Знак падышлі да цэнтральнай выбарчай камісіі, каб падаць дакументы і апратэставаць вынікі. Каля ўваходу стаяў кардон сілавікоў у цёмных касцюмах з аўтаматамі. Унутры чакалі двое мужчын – адным з іх быў Андрэй Паўлючэнка, кіраўнік аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку.

Мужчыны сказалі Знаку адысці, пасля павялі Ціханоўскую ў цёмны пакоі і зачынілі дзверы. «Ваша кампанія скончаная», – сказаў ёй Паўлючэнка. Ёй далі выбар: сесці ў турму і аддаць сына і дачку на выхаванне іншым або неадкладна пакінуць краіну. Машына ўжо чакала.

«У той момант я магла думаць толькі аб сваіх дзецях», – тлумачыць Ціханоўская. Праз некалькі гадзін яе адвялі да задняга ўваходу. Праходзячы міма Знака, яна паспела сказаць яму: «Прабач, Макс».

На наступны дзень у інтэрнэце з'явіліся два відэа. Адно з іх было запісана ў Беларусі ў кабінеце Лідзіі Ярмошынай, другое Ціханоўская запісала ўжо ў Літве.

Раней Аляксандр Лукашэнка агучваў сваю версію адʼезду Ціханоўскай. Паводле яго слоў, яна сказала Паўлючэнку, што хоча зʼехаць і прасіла Лукашэнку дапамагчы, а потым папрасіла яго даць грошай. Лукашэнка сцвярджае, што даў Ціханоўскай 15 тысяч долараў.

яс/паводле Reform.by