Беларуская Служба

Генпракурор паабяцаў «непазбежнасць пакарання» за «экстрэмізм». Справаў за катаванні і смерці пратэстоўцаў няма

08.12.2021 15:26
Праваахоўны блок цалкам кантралюе сітуацыю ў Беларусі, заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед
 ,
Андрэй Швед, генеральны пракурор БеларусіФота з адкрытых крыніц

Праваахоўны блок цалкам кантралюе сітуацыю ў Беларусі, заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед перад рэспубліканскай каардынацыйнай нарадай аб барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

«Будзе разгледжана эфектыўнасць працы праваахоўных органаў у частцы выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні прынцыпу непазбежнасці пакарання за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, а таксама павышэнні эфектыўнасці супрацьдзеяння рэцыдыўнай злачыннасці. Мы адзначаем, што праваахоўны блок цалкам кантралюе становішча ў краіне. Любыя праявы экстрэмізму і тэрарызму будуць спыняцца, вінаватыя панясуць пакаранне», – цытуе пракурора БелТА.

Паводле Андрэя Шведа, апошнім часам больш праяўляецца «актыўнасць праваахоўнікаў» у выяўленні злачынстваў, учыненых раней. Усё часцей прыцягваюцца людзі, якія думалі, што «ніколі не паўстануць перад судом». Гэта тэндэнцыя павінна быць узмоцненая, бо асноўная задача – забяспечыць прыцягненне да адказнасці кожнага, хто замахнуўся на грамадкі лад і бяспеку дзяржавы, заявіў ён.

Ніводнай крымінальнай справы па фактах смерці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, пабояў і катаванняў Следчы камітэт і пракуратура дагэтуль не завялі.

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў статыстыку пераследу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.

Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена звыш 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэньнем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзідэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.

У пракуратуру і Следчы камітэт паступілі 4644 заявы аб прымяненні сілавікамі катаванняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэнні адмовіць у завядзенні крымінальных спраў.

Няма крымінальных спраў і па фактах гібелі людзей падчас разгону пратэстаў.

"Радыё Свабода" / вх