Заходнія санкцыі накіраваныя не толькі на змену ўлады, але і ўсяго дзяржаўнага ладу Беларусі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, піша БелТА.
Лукашэнка звярнуў увагу: краіны ЕАЭС павінны разлічваць толькі на свае сілы і ў іх ёсць усе магчымасці для наладжвання імпартазамяшчэння.
«Мы валодаем інфармацыяй, што ўжо і ў вашы міністэрствы замежных спраў пайшлі візіцёры з заходніх краін і Злучаных Штатаў Амерыкі, угаворваючы вас падключыцца да ціску на Беларусь. Вы ведаеце, што супраць Беларусі ўжо пяты пакет санкцый, кажуць, што рыхтуюць і шосты, і сёмы, і невядома, колькі будзе. Гэта эканамічны ціск для задушэння Беларусі, для змены, як яны прама ўжо кажуць, не толькі ўлады, але і дзяржаўнага ладу ў Рэспубліцы Беларусь», – дадаў Лукашэнка.
Прадстаўнікі заходніх краін, у тым ліку ЕС і ЗША, не раз заяўлялі, што галоўная мэта іх дзеянняў – правядзенне новых, свабодных выбараў прэзідэнта Беларусі пры назіранні міжнародных структур, між іншым, АБСЕ.