Беларуская Служба

«Мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай», – арыштаваны журналіст Свабоды Андрэй Кузнечык

23.12.2021 13:12
Журналіст-фрылансер Радыё Свабода прадчуваў свой арышт і напісаў тэкст, дзе патлумачыў, чаму застаецца ў краіне.
Фрылансер Радыё Свабода Андрэй КузнечыкФота svaboda.org

Арамаіс Міракян апублікаваў словы Андрэя Кузнечыка, дзе журналіст патлумачыў, чаму застаўся ў Беларусі.

«Менш чым за содні да свайго арышту, уначы, мне напісаў Андрэй Кузнечык і папрасіў апублічыць тэкст «Чаму я не збіраюся з'язджаць з Беларусі«, сказаўшы, што яму вельмі важна, каб ягоная пазіцыя прагучала», – напісаў Міракян у Фэйсбуку.

5 прычынаў Андрэя Кузнечыка заставацца ў Беларусі

  1. «Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны.
  2. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі).
  3. Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь – адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго.
  4. Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міт на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.
  5. Я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння».


Журналіст Андрэй Кузнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зняволенні, ён адбыў прынамсі два адміністрацыйныя арышты па надуманых абвінавачваннях, а 23 снежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Фрылансер Радыё Свабода стаў чарговай ахвярай масавага пераследу журналістаў у Беларусі.

Паводле Радыё Свабода / вх