Беларуская Служба

Герасіменя прадала на аўкцыёне алімпійскі медаль. Грошы пойдуць на абарону правоў спартоўцаў

31.12.2021 10:33
Усе сродкі будуць накіраваныя на пакрыццё выдаткаў па абароне правоў чалавека ў беларускім спорце і прымусу УЕФА выконваць палажэнні ўласнага статута.
Аляксандра Герасіменяфота: BSSF/Belarusian Sport Solidarity Foundation

Аляксандра Герасіменя прадала на NFT-аўкцыёне сярэбраны медаль з Алімпіяды-2012 у Лондане. Сума лота склала 27,5 тысячы долараў, пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС).

На днях Аляксандра Герасіменя напісала ў сваім Instagram, што выстаўляе на аўкцыён свае алімпійскія медалі: бронзу з Алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанейра і два срэбра з Алімпіяды-2012 у Лондане.

- Усе сродкі ад NFT-аўкцыёну будуць накіраваныя на пакрыццё выдаткаў па абароне правоў чалавека ў беларускім спорце і прымусу УЕФА выконваць палажэнні ўласнага статута, – паведаміла вядомая плыўчыха.

Zerkalo.io нагадвае, што 13 кастрычніка БФСС апублікаваў даклад аб шматлікіх парушэннях з боку федэрацыі футбола. Аўтары дакладу сцвярджалі, што кіраўніцтва АБФФ ціснула на суддзяў, пакрывала ўдзельнікаў дамоўных матчаў і было залежна ад Міністэрства спорту і асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі (умяшанне дзяржавы ў футбольныя справы забаронена).

Ва УЕФА не палічылі доказы пераканаўчымі. У выніку 30 лістапада БФСС падаў апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане на рашэнне УЕФА не пачынаць дысцыплінарнае расследаванне ў дачыненні да АБФФ і яе кіраўніцтва. Каб працэс стартаваў, БФСС трэба аплаціць 22 500 еўра. Гэта кошт разгляду справаў дзевяці заяўнікаў супраць Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ) і УЕФА. Грошы неабходна ўнесці да 7 студзеня 2022 года.

Кіраўнік УЕФА Аляксандэр Чаферын у размове з журналістам бельгійскага выдання Politico падкрэсліў, што Беларуская федэрацыя футбола не мае дачынення да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

ав/zerkalo.io