Беларуская Служба

У Віцебску ліквідуюць дзіцячы хоспіс, які існаваў з 2000 года

11.01.2022 13:51
«Зачыстка» грамадскіх арганізацый у Беларусі цягнецца з ліпеня 2021 года.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Віцебскія чыноўнікі вырашылі ліквідаваць дзіцячы хоспіс. 12 студзеня абласны суд будзе разглядаць адпаведную справу, пішуць «Народныя навіны Віцебска». Пазоўнікам выступае галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.

Дзіцячы хоспіс у Віцебску быў заснаваны ў 2000 годзе. Яго заснавала лекары Сяргей і Таццяна Лялікі, якія самі страцілі дзіця.

Дарэчы, паўгода таму дзіцячы хоспіс быў ліквідаваны і ў Гродне. Яго кіраўнік Вольга Вялічка была вымушаная з'ехаць ад палітычнага пераследу ў Польшчу.

Акрамя хоспіса, у Віцебску Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама 12 студзеня хоча ліквідаваць цэлы шэраг грамадскіх арганізацый. Гэта спартовы клуб воднага пола «Віцьбіч», таварыства дружбы «Полацк-Фрыдрыхсгафен», супольнасць «Шлях з варагаў у грэкі» і дубровенскае таварыства пчаляроў-аматараў.

«Зачыстка» грамадскіх арганізацый у Беларусі цягнецца з ліпеня 2021 года, паведамляе «Еўрарадыё».

вс