Беларуская Служба

23-гадовага брэстаўчаніна асудзілі на тры гады калоніі за жнівеньскія пратэсты

14.01.2022 15:22
Пацярпелымі праходзілі 15 сілавікоў.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

У Брэсце асудзілі 23-гадовага Станіслава Несцерука. Яго прызналі вінаватым па частцы 2 артыкула Крымінальнага кодэкса Беларусі 293 – «Удзел у масавых беспарадках». Маладога чалавека прыгаварылі да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справа тычылася падзеяў 10-11 жніўня 2020 года ў абласным цэнтры.

Па версіі абвінавачання, 10-11 жніўня 2020 года Станіслаў разам з іншымі ўдзельнічаў у «масавых беспарадках» на вуліцах Брэста. Ён «наносіў удары супрацоўнікам міліцыі рукамі, нагамі, палкамі, скрыняй, фрагментамі лаваў, тратуарнай пліткай і асфальтам, бутэлькамі і камянямі, металічнымі нітамі, ёмістасцямі з фарбай, дымавымі шашкамі, феерверкамі, запаленымі паходнямі».

Таксама ён, па версіі абвінавачання, «хапаў супрацоўнікаў за форму, распыляў раздражняльныя рэчывы ад неапазнаных прылад». Ён і іншыя «наўмысна знішчалі тратуарную плітку, рашоткі вадасцёкавых студняў, дрэвы, калы для падвязак дрэў».

Хлопец поўнасцю сваю віну прызнаў. У выніку Станіслава Несцерука прыгаварылі да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

ав/zerkalo.io