Лінгвіста, экс-дацэнта МДЛУ Наталлю Дуліну чарговы раз адправілі на Акрэсціна. Жанчыну затрымалі ў пятніцу, 3 чэрвеня, а ў панядзелак над ёй прайшоў суд, паведамляе тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.
Жанчыну асудзілі па артыкуле 19.1 КаАП аб дробным хуліганстве: нібыта яна размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася. Пры гэтым хадайніцтва Дулінай аб праглядзе запісаў камер відэаназірання суд адхіліў, задаволіўшыся паказаннямі сведкі-міліцыянта. Наталлі прысудзілі 15 сутак арышту.
Гэта ўжо трэці арышт жанчыны за гэты год. З папярэдніх 15 сутак, якія атрымала нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, Наталля Дуліна вызвалілася 10 траўня. Такім чынам, на волі яна прабыла менш за месяц. Да таго, у сакавіку, жанчына правяла на Акрэсціна 15 сутак за антываенны пратэст.
Нагадаем, Наталля Дуліна – былы дацэнт кафедры італьянскай мовы, якая падтрымала забастоўку і пратэстуючых студэнтаў. У 2020 годзе яна адсядзела 14 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і была звольненая з універсітэту.
яс