«Пасля актыўнага і разнастайнага чэрвеня ўсё вярнулася ў звыклую ды спакойную каляіну. Надвор'е радуе. Вярнуўся да чытання. Добра зайшоў Эрых Фром і яго «Бегства ад свабоды»: у 1941-м ён аналізаваў з гледзішча сацыяльнай псіхалогіі фенамен фашызму і ўвогуле карані аўтарытарызму. Фром кажа, што псіхалагічна свабода мае дзве супрацьлеглыя натуры: чалавек імкнецца да свабоды, у якой можа сцвердзіць сваю індывідуальнасць, — але пры гэтым, робячыся індывідуальным, адчувае адзіноту і разгубленасць. Таму людзі нярэдка адмаўляюцца ад свабоды і шукаюць упэўненасці і простых адказаў на складаныя пытанні, якія ставіць усё больш імклівы і неспакойны свет, у тым ліку у розных формах тыраніі і аўтарытарызму.
Свабода — гэта не толькі магчымасьць развіцця асобы — але і цяжар, адказнасць. Свабода — гэта цяжка. Свабода — гэта цяжкая штодзённая праца, у першую чаргу — над самім сабой. Кінуў працу — згубіў свабоду. Такі свет:)»
Палітвязень Андрэй Аляксандраў утрымліваецца за кратамі ўжо 18 месяцаў. Яго абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Суд па «справе БелаПАН» пачаўся 6 чэрвеня. Чарговае судовае пасяджэнне 29 чэрвеня завяршылася рашэннем суддзі аб прыпыненні працэсу як мінімум на два месяцы. Прычынай стала аднаўленне «працэсуальных дзеянняў». У дачыненні да каго яны праводзяцца або будуць праводзіцца, невядома.
ПЦ «Вясна»/юл