«Кінаконг»
Гэтая ініцыятыва – легенда беларускай кінаагучкі. «Кінаконг» не толькі перакладае замежныя фільмы на родную мову, ініцыятыва яшчэ і зладзіла ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» нямала кінапаказаў беларускамоўных фільмаў у кінатэатрах. Колькасць наведнікаў – больш за 50 тысяч чалавек.
Знайсці стужкі ад «Кінаконга», як і сачыць за новымі рэлізамі, можна на стрымінгавым рэсурсе VOKA, трэба выбраць пры пошуку фільмаў беларускую мову ці прайсці па спасылцы. На ютуб-канал «Кінаконга» каманда праекта выкладае беларускамоўныя трэйлеры да стужак.
«Гаварун»
Праект «Гаварун» узнік у 2016 годзе як хобі мінчан Наталлі і Паўла Бычковых. Перакладалі як больш дарослы кантэнт (напрыклад, кароткаметражкі, фільмы ды серыялы), так і прадукцыю для дзяцей. Сайт праекта можа аказацца карысным для бацькоў, што жадаюць выхаваць дзіця па-беларуску.
«Лагодны цмок»
Гэты аматарскі праект з’явіўся ў красавіку гэтага года. «Лагодны цмок» паўстаў з былой ініцыятывы «Кукумба», якая два гады да таго працавала над агучкай кіно, серыялаў і анімэ па-беларуску. У «Лагодны цмок» перайшла частка старой каманды «Кукумбы».
ANIBEL
Канцэпцыя праекта – пераклад на беларускую мову анімэ і мангі, ае таксама поўнаметражныя карціны, як «Тытанік», ці «Забойства ва «Усходнім экспрэсе»
Belmovie
Гэты праект у большасці скіраваны на серыялы, але ў планах стваральнікаў ёсць і праца з поўным метрам. Belmovie прапануе стужкі з беларускімі субтытрамі, а не з агучкай.
Перакладзеныя серыялы стваральнікі праекта выкладаюць у сваім тэлеграм-канале. Самыя старыя са стужак выпушчаныя ў 2021 годзе, а большасць сёлетнія.
«Наша Ніва»/яс