Больш як у два разы скараціліся аб'ёмы цыгарэтнай кантрабанды з Беларусі. І прычынай таму - заходнія санкцыі, піша Тэлеграм-канал Belarus Files.
За першае паўгоддзе гэтага года было 634 выпадкі затрымання кантрабандных грузаў з цыгарэтамі. Літоўская мытня канфіскавала 3,77 мільёна пачкаў на 13,1 мільёна еўра. За такі ж адрэзак часу мінулага года было 1029 выпадкаў, што склала 8,96 мільёны пачак на 32,1 мільёны еўра.
Прычынамі падзення аб'ёмаў кантрабанды ў Літоўскай мытні лічаць «значнае скарачэнне ўсяго транспартнага патоку (асабліва – грузавога транспарту) з Беларусі ў Літву пасля ўвядзення санкцый ЕС і ЗША супраць Беларусі, а таксама адпаведныя змены складу тавараў, якія традыцыйна служылі як прыкрыццё для кантрабанды».
З увядзеннем заходніх санкцый памяняліся як агульны аб'ём, так і ўнутраная структура ўсяго нелегальнага патоку тытунёвых вырабаў, канстатавалі ў Літоўскай мытні.
юл