Беларуская Служба

У Беларусі колькасць абароненых доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый за тры гады знізілася на 70%

24.01.2023 18:11
У мінулым годзе ў Беларусі абаронена не больш за 117 доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. У 2019-м гэтая лічба складала 397 работ.
Здымак мае ілюстрацыйны характарWokandapix/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Беларусі значна знізілася колькасць абароненых доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, такія дадзеныя прывяла 24 студзеня на прэсавай канферэнцыі ў Мінску першая намесніца міністра адукацыі Ірына Старавойтава, паведамляе «Свабода» са спасылкай на BPN.

Летась у сістэме Міністэрства адукацыі абаранілі 41 кандыдацкую дысертацыю і 13 доктарскіх. Паводле слоў намесніка міністра, гэта менш як палова (46%) усіх работ на суісканне навуковай ступені з улікам усіх паспяхова абароненых, у тым ліку ў сістэме Міністэрства аховы здароўя і іншых ведамстваў.
Такім чынам, у 2022 годзе абаронена не больш за 117 доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый.

Для параўнання: у 2019 годзе, паводле звестак Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, было абаронена 397 дысертацый. Ступень доктара навук атрымала 39 чалавек, кандыдата навук – 358. Пры гэтым колькасць прысуджаных ступеняў доктара і кандыдата навук у тым годзе зменшылася на 26,4% у параўнанні з 2018-м. У аспірантуры ў 2022 годзе навучалася 1885 чалавек, у дактарантуры – 344.

Старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзімер Гусакоў, каментуючы звесткі па колькасці абароненых дысертацый і занятых у навуцы, заявіў, што Беларусі «не патрабуецца столькі навукоўцаў. Нам патрэбныя навукоўцы таленавітыя, а не шматлікія», – сказаў ён.

Разам з тым кіраўнік НАН падкрэсліў, што для маладых навукоўцаў «створаны ўсе ўмовы для нармальнай эфектыўнай працы – ёсць гранты, прэміі», адзначыў Гусакоў.

аз