Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
«Якую мову вы лічыце роднай? А на якой размаўляеце? Думаю, большасць беларусаў у адказ на апошняе пытанне назаве рускую. Але руская мова – не наш выбар. Гэта не выбар нашых бацькоў, дзядуляў з бабулямі. Гэта не выбар беларускай нацыі, якую некалькі стагоддзяў сістэматычна русіфікуюць», – сказала ў звароце Ціханоўская.
Палітык таксама зрабіла акцэнт на нападзенне Расіі на Украіну, зазначыўшы, што «Расія вырашыла, нібыта Украіна, яе народ і мова не павінны існаваць».
«У знішчаным ушчэнт Марыупалі ў першую чаргу акупанты замянілі шыльды – з украінскіх на рускія. Бо мова мае значэнне», – сказала Ціханоўская. Яна таксама падкрэсліла, што «беларуская мова – гэта яшчэ і наш супраціў цяпер».
Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года.
Дзень святкавання 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
вс