Пра гэта «Нашай Ніве» паведамляюць людзі з розных мясцовасцей.
Сілавікі прыходзяць з вобшукамі да розных людзей пры падазрэнні на датычнасць да атакі на расійскі самалёт-разведчык А-50 на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага.
«Здаецца, дзейнічаюць метадам «пальцам у неба». Ходзяць да тых, у каго ёсць дроны, лёгкаматорнікі, ходзяць па людзях, якія жывуць вакол Мачулішчаў», — напісаў нам чалавек з Беларусі.
Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у суботу і нядзелю супрацоўнікі КДБ ладзяць аблавы і хапуны ў Мінскім раёне. Паведамляецца, што бяруць усіх, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Людзей пасля ператрусаў вязуць у СІЗА КДБ. Праваабаронцам вядома мінімум аб дзясятку такіх выпадкаў.
Вядома таксама, што ўсіх, хто выязджае з Беларусі за мяжу, узмоцнена правяраюць і нават дапытваюць. Тое самае адбываецца ў тым ліку на мяжы Беларусі і Расіі.
Нагадаем, што ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол» 26 лютага паведаміла, што на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам раніцай таго ж дня прагучалі два выбухі, якімі быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкай радыёлакацыйнай разведкі А-50.
«Байпол» паведаміў, што дыверсію ажыццявілі ўдзельнікі плана «Перамога» і што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Пазней з'явіліся відэа, як беспілотнікі падпольшчыкаў падлятаюць і сядаюць на кабіну і радар самалёта.
яс