Беларуская Служба

Былому журналісту інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу забаранілі выезд з Беларусі

16.03.2023 12:43
Летам 2021 года Сяргей Гардзіевіч быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі.
 .
Сяргей Гардзіевіч.Фота: baj.by

Былому журналісту інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу забаранілі выезд з Беларусі. Пра гэта яму сказалі беларускія памежнікі, калі той збіраўся паехаць у Літву па атрыманай сёлета візе. Гардзіевічу паставілі адпаведны штамп у пашпарт, паведамляе БАЖ. 

«Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік», – распавёў былы журналіст выданню «Ганцавіцкі час».

Летам 2021 года Сяргей Гардзіевіч быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, паклёпе і публічнай абразе «прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Журналіст у судзе віну не прызнаў. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №17 у Шклове. У кастрычніку 2022 года выйшаў на волю. А ў лістападзе 2022 года трапіў у «спіс экстрэмістаў» Міністэрства ўнутраных спраў.

вх