У Беларусі прадаўжаюць падаць тэмпы будаўніцтва новага жылля. За першы квартал збудавана 8,7 тысяч новых кватэр, паведамляе Белстат. Гэта на 26,9% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Падаюць тэмпы будаўніцтва жылля ў тым ліку для ільготнікаў, піша «Зеркало».
У студзені-сакавіку гэтага года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці здалі ў эксплуатацыю 877,1 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Годам раней – амаль 1 млн 77,7 тыс.
Гэты паказчык упаў ва ўсіх вобласцях і Мінску, акрамя Мінскай вобласці, у якой быў зафіксаваны рост. Найбольшым падзенне было ў сталіцы – з 206,2 да 83,3 тысяч квадратных метраў (-59,6%). Для параўнання: у Гомельскай вобласці зніжэнне было на ўзроўні 34,7% (са 133,3 да 87,1 тыс. квадратных метраў). У Мінскай вобласці ў студзені-сакавіку гэтага года пабудавалі 301,2 тыс. квадратных метраў жылля. Гэта на 23,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2022-га.
Для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у цэлым у краіне, у першым квартале гэтага года ўвялі ў эксплуатацыю 373,7 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы (42,6% ад агульнага аб'ёму ўведзенага жылля). Годам раней – 449,6 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы (41,7% ад агульнага абʼёму ўведзенага жылля).
Пры гэтым з дзяржпадтрымкай пабудавалі 277,5 тысяч квадратных метраў (годам раней – 332,3 тыс. квадратных метраў).
Для шматдзетных семʼяў у першым паўгоддзі ўвялі 168,8 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта на 11,6 працэнта менш, чым годам раней.
Будаўніцтва – адная з галін, якая негатыўна адбіваецца на працы эканомікі. Так, у першым квартале галіна прадэманстравала падзенне на ўзроўні 1,5% да аналагічнага перыяду 2022-га года. «Відавочна, намаганні ўраду ў паўторным запуску інвестыцыйнага цыклу пакуль не прыносяць плёну», – мяркуюць эксперты «Кошт ураду».
нг