Беларуская Служба

Выдавецтва «Янушкевіч» заключыла кантракт са Стывенам Кінгам

20.04.2023 13:15
Выдавецтва плануе выдаць як класічныя творы Кінга, так і найноўшыя.
Андрэй Янушкевічфота: сацсеткі выдаўца

Выдавецтва «Янушкевіч» заключыла кантракт з вядомым амерыканскім пісьменнікам Стывенам Кінгам. Выхад першай кнігі запланаваны ўжо на гэты год - паведамляе "Наша Ніва".

Выдавец Янушкевіч з нагоды падпісання кантракта са Стывенам Кінгам паказаў, як выглядаў пасля 28 сутак на Акрэсціна.

«Выдавецтва Янушкевіч заключыла кантракт са Стывенам Кінгам. Так-так, цяпер сусветна вядомы пісьменнік – наш аўтар. Плануем выдаць як яго класічныя творы, так і найноўшыя. Выданне беларускіх перакладаў асабліва важнае таму, што аўтар забараніў выдаваць свае творы ў Расіі. Гэта быў яго адказ на ўварванне ва Украіну», – напісаў у сябе ў фэйсбуку выдавец Андрэй Янушкевіч.

З гэтай нагоды ён паказаў, як выглядаў пасля амаль месяца на Акрэсціна. «Так я выглядаю пасля прачытання яшчэ аднаго рамана Стывена Кінга», – пажартаваў Янушкевіч.

Ён паведаміў, што першая кніга выйдзе ў гэтым годзе. Але якая, не назваў.

«Прыходзьце на кніжную выставу ў Беластоку ў пятніцу, суботу і нядзелю, і даведайцеся першымі наўпрост ад Андрэя Янушкевіча», – напісаў ён.

Выстава пройдзе на гарадскім стадыёне ў Беластоку.

«Будуць сустрэчы з Уладзімірам Арловым і Алесем Кудрыцкім, ажно шэсць навінак-прэм'ер ад розных выдавецтваў (падумайце толькі, новыя кнігі Насты Кудасавай і Валера Гапеева!) сапраўды вялікі асартымент выданняў з Беларусі і іншых краін», – дадаў выдавец.

нг