Беларуская Служба

Ціханоўская прапануе Савету Еўропы распрацаваць дарожную карту ўступлення Беларусі ў арганізацыю

29.01.2024 16:35
У сваім выступленні перад Камітэтам міністраў Савета Еўропы (СЕ) ў Страсбургу 30 студзеня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прапануе распрацаваць дарожную карту ўступлення Беларусі ў арганізацыю, як «найважнейшы крок на шляху еўраінтэграцыі і стварэння дэмакратычнай будучыні Беларусі».
 .
Святлана Ціханоўская.Фота: pozirk.online

Пра гэта «Позірку» паведаміў яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, таксама ў прамове яна «праінфармуе міністраў аб актуальным становішчы спраў у Беларусі», у тым ліку аб рэпрэсіях і сітуацыі з палітвязнямі.

Падчас візіту будзе абмеркавана праца кантактнай групы СЕ па Беларусі, у прыватнасці, у галіне падтрымкі моладзевых і праваабарончых ініцыятыў. Будзе ўздымацца пытанне «практычнай імплементацыі» дзвюх рэзалюцый па сітуацыі ў Беларусі, прынятых Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ), дадаў Вячорка.

Ён анансаваў таксама выступ дэмакратычнага лідара па ініцыятыве Ірландыі перад амбасадарамі СЕ.

Працу кантактнай групы Савета Еўропы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя Ціханоўская і генеральны сакратар СЕ Марыя Пейчынавіч-Бурыч абмеркавалі на сустрэчы ў Страсбургу 25 студзеня. Гэта адбылося падчас сесіі ПАСЕ, на якой была прынята рэзалюцыя па сітуацыі ў Беларусі.

pozirk.online/вх