Беларуская Служба

Менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»

14.02.2024 16:35
Дзіяну Завадскую затрымалі неўзабаве пасля вяртання з-за мяжы. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы.
 .
Дзіяна Завадская. Фота з адкрытых крыніц.

Дзіяне Завадскай 33 гады, родам дзяўчына з Брэста, працуе ў EPAM і ўзначальвае там каманду тэсціроўшчыкаў. Дзіяна перайшла ў IT з маркетынгу, працуе ў сферы ўжо больш за 7 гадоў.

Пасля пачатку вайны яна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. Але ў нейкі момант вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выязджала за мяжу.

У яе інстаграме ёсць фота з Варшавы, якое датуецца 29 чэрвеня 2023 года, праз тры дні быў апублікаваны здымак з Мірскага замка. А пасля дзяўчына адусюль знікла.

Суд над Дзіянай пачынаецца 26 лютага ў Брэсцкім абласным судзе. Па двух артыкулах: «народны» за грубае парушэнне грамадскага парадку (арт. 342) і другая частка артыкула 361-3, «фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайсковых канфліктаў». Па апошнім ёй пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.

вх