Беларуская Служба

Суддзі з Віцебскай вобласці, якія выносілі палітычна матываваныя рашэнні, пайшлі на павышэнне

24.02.2024 15:54
Аляксандр Лукашэнка сваім указам павысіў трох радавых суддзяў.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Трое суддзяў з Віцебшчыны, чые прозвішчы часта паўтараліся ў раскладах судовых пасяджэнняў з разглядамі адміністрацыйных справаў па «народных» артыкулах, цяпер будуць старшынямі раённых судоў. Гэта Міхаіл Юрчанка з Віцебска, Віктар Баліка з Полацка і Сняжана Калінічэнка з Наваполацка.

Міхаіл Юрчанка ўзначаліць Лепельскі раённы суд. Віктару Баліку, які працаваў у судзе Полацка і Полацкага раёна, даверылі кіраванне Верхнядзвінскім раённым судом, а ягоная калега з Наваполацкага суда Сняжана Калінічэнка будзе старшынёй суда ў Браславе.

Асабліва выдзяляецца ў гэтым спісе Міхаіл Юрчанка, які шмат гадоў адпрацаваў у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Ен караў і дэмакратычных актывістаў, і святароў, і незалежных журналістаў, і шмат звычайных грамадзянаў, якія ў 2020 годзе выходзілі на мірныя пратэсты, а ў апошнія гады былі абвінавачаныя за наяўнасць «экстрэмісцкіх» падпісак або рэпостаў.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск