На думку Захаду, санкцыі супраць Беларусі, нібыта, кінуць Беларусь у абдымкі Расіі. Такім чынам Захад тлумачыць нежаданне гараманізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі. Кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб'яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка называе гэтую пазіцыю «палітыканцтвам».
Латушка даказвае, што рэжым Лукашэнкі выдатна скарыстоўвае сітуацыю, абыходзіць існуючыя санкцыі і добра зарабляе. Адначасова дапамагае Расіі задушыць Украіну.
- Калі стратэгічнай задачай для нас зʼяўляецца дапамагаць Украіне, а Беларусь будзе агромністай дзіркай, праз якую хваляй будуць ісці мікрасхемы з Тайваня, любая высокатэхналагічная прадукцыя для таго, каб вырабляць больш ракет, танкаў, гармат у Расіі, то ці мы рэалізуем стратэгічную мэту, ці вырашылі дапамагчы Расіі як мага доўга мучыць Украіну, а мо і нават перамагчы. Я кажу, што гэта палітыканства.
Латушка прапануе як вырашыць гэтую праблему:
1. Забарона на транзіт праз Беларусь. Тавары, якія ідуць з ЕС, заходзяць на тэрыторыю Беларусь у выглядзе таго, што яны транзітам накіроўваюцца ў Казахстан. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі яны пераафармляюцца, казахскі атрымальнік адмаўляецца ад тавару, і яны ідуць на расійскі рынак.
2. Сінхранізацыя санкцыяў супраць Расіі і супраць Беларусі. Напрыклад, пастаўка шкла – Расія атрымала забарону паставак свайго шкла ў ЕС, Беларусь забаронай не ахопліваецца. Цяпер расійскае шкло завозіцца на беларускі рынак, становіцца беларускім і далей прадаецца ў ЕС. За апошні год экспарт шкла з Беларусі вырас у чатыры разы. У адваротным кірунку – раней Беларусь амаль цалкам не завозіла лака-фарбаў з ЕС (раней 16 тысяч еўра), цяпер завозіцца ў Беларусь лака-фарбы на 15-18 млн еўра. У Расію немагчыма імпартаваць еўрапейскія лака-фарбы, а Беларусі можна. Яны ў Беларусі пераафармляюцца і прадаюцца ў Расію.
3. Неабходна ўводзіць квоты на пастаўкі – узровень паставак не павінен перавышаць абʼёмаў да 2022 года.
Павел Латушка гаварыў аб гэтым падчас сённяшняга анлайн-марафону ў Ютубе «Выбіраю новую Беларусь».
яс