Беларуская Служба

Стаў вядомы дыягназ Паліны Шарэнды-Панасюк

18.07.2024 13:00
Сваякі палітзняволенай даведаліся пра яе хваробу.
 -.
Паліна Шарэнда-Панасюк.Фота: Spring96.org

Актывістка «Еўрапейскай Беларусі», палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці» – вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам палітзняволенай стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе яшчэ нядаўна адбывала пакаранне брэсцкая актывістка, паведамляе «Свабода».

Цяпер Паліну Шарэнду-Панасюк утрымліваюць у гомельскім СІЗА, супраць яе вядзецца новая крымінальная справа паводле 411 артыкулa Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

«Хвароба вельмі небяспечная, бо разбурае падстраўнікавую залозу, адбываецца незваротная змена структуры яе тканак (…) фактычна ва ўмовах, у якіх яна знаходзіцца, гэта як смяротны прысуд», – сказаў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Мужчына падкрэсліў, што пры такім захворванні абавязковая адмысловая дыета, адмысловае лячэнне, супрацьпаказаныя нагрузкі, абавязковыя добрыя ўмовы і трывалы медыцынскі нагляд. Усяго гэтага Паліна пазбаўленая.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў студзені 2021 годa ў Брэсце, у ейным доме. У чэрвені 2021 годa суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў жанчыну да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзідэнта») КК.

У красавіку 2022 годa палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га – яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкулa. Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсці на волю ў канцы траўня 2024 года, але супраць яе была заведзеная новая крымінальная справа.

аз

Паліну Шарэнду-Панасюк этапавалі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі»

05.07.2024 09:43
Гэта ўжо трэці раз, калі палітзняволеную пераводзяць у гэтую ўстанову, і чацвёрты раз, калі з ёй будуць праводзіць псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.