Падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі на Кубу «падпісаны дакументы» аб пастаўках медыкаментаў, паведаміў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы з прэзідэнтам гэтай дзяржавы Мігелем Дыяс-Канелем, паведамляе «Позірк».
Гаворка, паводле слоў Галоўчанкі, ідзе аб пастаўках беларускіх лекаў на Кубу і «сучасных кубінскіх прэпаратаў» у Беларусь.
«Што важна, мы хочам зрабіць Беларусь своеасаблівым хабам па прасоўванні інавацыйнай кубінскай фармацэўтычнай прадукцыі на рынкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза», – сказаў прэм’ер-міністр.
Ён таксама адзначыў, што сумесна з іншымі краінамі – «аднадумцамі Беларусі», якія «цвёрда адстойваюць свой суверэнітэт», Мінск «супрацьстаіць ашалеламу знешняму ціску».
«Я ўжо нават, напэўна, перастаў лічыць санкцыі, якія ўводзяцца ў дачыненні да Беларусі кожны месяц, кожныя некалькі месяцаў. Таму мы з’ядналіся, знайшлі свае ўнутраныя сілы, унутраныя рэзервы, умацавалі сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, такімі як Куба. І цвёрда ідзем па тым шляху, які азначыў наш народ», – сказаў Галоўчанка, не патлумачыўшы, якім чынам і які шлях «азначыў народ» і што пад гэтым «народам» ён мае на ўвазе.
Раней на сустрэчы са сваім кубінскім калегам Мануэлем Марэра Крусам Галоўчанка заявіў, што беларускі бок «старанна адпрацаваў» пералік тавараў, якія вырабляюцца Кубай і прапануе пастаўляць у Беларусь: «Акрамя традыцыйнай цікавасці да медыцынскіх прэпаратаў беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках рому, какава-бабоў, кавы, пюрэ з садавіны і іншых пазіцый».
Нагадаўшы аб нядаўняй рэгістрацыі ў Беларусі распрацаванага на Кубе супрацьракавага прэпарата, кіраўнік урада выступіў за «паглыбленне лакалізацыі вытворчасці» на беларускай тэрыторыі кубінскіх лекаў «з трансферам адпаведных тэхналогій».
Перад Кубай Галоўчанка пабываў у Венесуэле. Далей ён накіруецца Нікарагуа.
аз