Беларуская Служба

У ліпені з гомельскай жаночай калоніі № 4 вызваліліся яшчэ 5 палітзняволеных жанчын

25.07.2024 08:57
Сярод іх - Дар'я Лосік.
Дар'я Лосікфота з сацсетак

 Чацвёра з іх былі асуджаны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, а яшчэ адна – за каментарый пра свайго палітзняволенага мужа «экстрэмісцкаму» тэлеканалу.

Тамара Астрэйка, Святлана Лупач, Кацярына Мадзянкова і Паліна Палавінка знаходзіліся за кратамі па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (гэта значыць, удзел у мірных акцыях пратэсту).

Тамара Астрэйка была затрымана 15 лістапада 2023 г. і асуджана 16 лютага 2024 г. судом Ленінскага раёна Мінска; Святлана Лупач знаходзілася ў зняволенні з дня затрымання 7 траўня 2023 г. і была асуджана ў кастрычніку 2023; Кацярына Мадзянкова была прыгаворана да пазбаўлення волі 22 снежня 2023 г. судом Добрушскага раёна; Паліна Палавінка была затрымана 2 чэрвеня 2022 г. і асуджана Мінскім гарадскім судом 2 снежня 2022 да 2,5 гадоў пазбаўлення волі.

Дар’ю Лосік затрымалі 18 кастрычніка 2022 г. і 19 студзеня 2022 асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе да 2 гадоў зняволення па арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – за тое, што яна дала каментарый пра свайго палітзняволенага мужа тэлевізійнаму каналу «Белсат», які беларускі правячы рэжым лічыць «экстрэмісцкім».

Усе яны былі прызнаны праваабаронцамі ў якасці палітзняволеных.

Гомельская Вясна/ав