Беларуская Служба

У Беларусь прывезлі больш за 40 дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны

08.08.2024 09:55
7 жніўня ў Беларусь прыбыла чарговая група з 43 дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Гэтым разам дзяцей прывезлі з тэрыторыі так званай «ДНР».
   .
Сцягі РФ і ДНР.t.me/dnronline

Як паведамляе БелТА, дзеці «сталі ўдзельнікамі праграмы аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей Данбасу ў Рэспубліцы Беларусь, якую рэалізуе фонд Аляксея Талая». Паведамляецца, што яны правядуць 18 дзён у дзіцячым аздараўленчым лагеры ў Віцебскай вобласці.

У Гомелі ўкраінскіх дзяцей і дарослых, якія іх суправаджаюць, сустрэлі прадстаўнікі фонду Аляксея Талая, грамадскіх арганізацый (у артыкуле згадваецца Беларускі саюз жанчын), прадпрыемстваў Гомеля і вобласці, валанцёры і прадстаўнікі Віцебскай вобласці, адзначае агенцтва.

«У групе хлопчыкі і дзяўчынкі ад 8 да 15 гадоў. Гэта дзеці, якія выхоўваюцца адным з бацькоў, дзеці-сіроты, якія знаходзяцца пад апекай, з шматдзетных сем’яў і іншых сем’яў у цяжкай жыццёвай сітуацыі», — расказала прадстаўніца фонду Талая ў Гомелі і Гомельскай вобласці Юлія Малава.

Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь

  • Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя не менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.
  • Датычнымі да гэтай дзейнасці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадскага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • Есць сведчанні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расіі.
  • Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • 1 снежня 2023 году Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя не вызваліла ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расійскай сімволікай на адзенні.
  • У рамках 56-й сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачанні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўз'яднання сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Украіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленне».

Чаму нельга вывозіць дзяцей з акупаваных тэрыторый?

Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя «Аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны» наўпрост забараняе прымусовае перамяшчэнне або дэпартацыю грамадзянскага насельніцтва з тэрыторыі акупаванай дзяржавы.

У Канвенцыі падкрэсліваецца, што акупуючая дзяржава "ні ў якім разе" не павінна мяняць грамадзянскі стан дзяцей. Гэта значыць, што ўкраінскіх дзяцей нельга пераводзіць у расійскае грамадзянства.

Расія - удзельніца Жэнеўскіх канвенцый. Міжнароднае права прызнае межы Украіны такімі, якімі яны былі ў пачатку 2014 года - да расійскай анэксіі Крыма і захопу іншых рэгіёнаў краіны. Такім чынам, гэтыя тэрыторыі лічацца акупаванымі і дзеянне Жэнеўскай канвенцыі распаўсюджваецца на ўсіх дзяцей і ў цэлым на цывільнае насельніцтва, якое там пражывае.

Паводле svaboda.org/вх